ДАЛОНЬКА
У наведніцы курсаў “Мова Нанова – Маладзечна” Алесі Клімовіч дома жыве сабачка Далонька. Нам стала цікава, чаму ж Далонька, а не Джэк, Мэры ці Джэсі. Вось што расказала нам Алеся:
– Наша сям’я даўно вырашыла, што хочам мы менаві…та сабаку пароды Джэк Расэл тэр’ер, такі быў у героя Джыма Керы ў фільме “Маска”. Шукалі шчанюка па гадавальніках, якія займаюцца гэтай пародай. І знайшлі. Не далёка, не блізка – ва Украіне, у добра вядомым гадавальніку ля Кіева Omri Relizan. Убачылі фота маленькага белага камячка і зразумелі, што гэта – наш.
Мянушка ў нашай “дзяўчынкі” павінна была пачынацца на літару “Д”. Такія правілы: кожны памёт, які нараджаецца ў гадавальніку, мае сваю літару. І ўсе сястрычкі і брацік нашай Далонькі таксама маюць мянушкі на літару “Д”. Двое шчанюкоў засталіся ва Украіне, адзін з’ехаў у Малдову (у Кішынёў), ну, і наша – у Беларусь.
Можна сказаць, што вярнулася на Радзіму, бо маці ў нашай Далонькі з беларускага гадавальніка, а тата – з Польшчы. Мянушку выбіралі разам з дзецьмі. Я ім прапанавала адну на англійскай мове, бо дзеці часцей за ўсё карыстаюцца менавіта ёй, і Далонька – на беларускай. І дзеці сказалі: “Толькі Далонька!” Напэўна, каб мы ўзялі “хлопчыка”, то назвалі б Дзьмухаўцом.
Потым узнікла асацыяцыя “далонька пяшчоты”, і так і засталося. І, ведаеце, гэта сябе апраўдвае. Колькі ўжо чалавек прасілі дазволу пагладзіць яе! Колькі далонек!
А яшчэ часта бывае, што, калі на пытанне: “Як яе завуць?” адказваеш: “Далонька”, людзі перапытваюць: “Як, як?” і пачынаюць перакладаць на рускую. Дзеці, асабліва дзяўчынкі, у нашым двары яе любяць і нясуцца з крыкамі: “Далонька, Далоня!”
А ў Шаблях, дзе мы былі некалькі разоў гэтым летам, дзякуючы ёй пазнаёміліся з новымі цікавымі людзьмі.
Наконт улюбёных прысмакаў нічога не магу сказаць, бо, напэўна, каб мы дазволілі, то яна з’ела б усё – апетыт у яе добры. А вось улюбёная яе гульня – гэта футбол. Калі на дварэ дзеці гуляюць з мячом, то Далонька проста зрывае ланцужок, каб пусцілі пабегаць разам з імі.
Яна вельмі актыўная, і менавіта з-за гэтага мы выбралі гэтую пароду. Бо нашы сыны Ян і Мікола жадалі, каб з сабакам можна было пагуляць у мяч, пакідаць ёй лятаючую талерку.
Праз пару дзён Далоньцы споўніцца 8 месяцаў, яна ўжо паўдзельнічала ў выставе і атрымала свой першы медаль.